Сярод тых, хто вызначыўся пры прарыве абароны праціўніка ў раёне вёскі Тарнова, быў падносчык мін 1-й мінамётнай роты 843 стралковага палка 238 стралковай дывізіі чырвонаармеец Уладзімір Вяргейчык з вёскі Нежаўка. Пад пякельным варожым агнём ён бесперабойна забяспечваў роту мінамі, чым дапамог адбіць неаднаразовыя контратакі ворага. За паспяховае выкананне баявой задачы 18-гадовы юнак атрымаў першую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.
У студзені 45-га Уладзіміра Вяргейчыка, які да таго часу ўжо стаў наводчыкам мінамётнай роты, узнагародзілі вышэйшым медалём СССР – “За адвагу”. У баі за вёску Зендровен ва Усходняй Прусіі ён прымусіў замаўчаць тры агнявыя кропкі праціўніка і знішчыў 7 варожых салдат. Яшчэ адна баявая ўзнагарода – ордэн Чырвонай Зоркі – з’явілася на грудзях героя пасля баёў на подступах да горада Данцыг і фарсіравання ракі Мёртвая Вісла, падчас якога ён са сваім 82-міліметровым мінамётам прыкрываў пяхоту.
Перамогу Уладзімір Вяргейчык сустрэў на Эльбе камандзірам аддзялення ўпраўлення. А потым яшчэ амаль шэсць гадоў адслужыў у Германіі, у горадзе Штэндаль. Пасля вяртання ў родную Нежаўку звязаў свой лёс з лясной гаспадаркай, якой аддаў трыццаць адзін год жыцця. Пераважную большасць гэтага тэрміну працаваў у Грабёнскім лясніцтве бухгалтарам, таксама давялося асвоіць і прафесію лесніка.
Ветэрана вайны і працы Уладзіміра Васільевіча Вяргейчыка не стала ў кастрычніку 2001 года. Але светлую памяць і цёплыя ўспаміны пра яго беражліва захоўваюць родныя. У гэтым мы з намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец пераканаліся, завітаўшы ў вёску Пекалін Смалявіцкага раёна, дзе ў сям’і малодшай дачкі жыве жонка Уладзіміра Вяргейчыка.
Ганне Васільеўне – восемдзесят восем. Але, нягледзячы на шаноўны ўзрост, яна захавала бадзёрую рухавасць, прыязную ўсмешку і гарэзлівыя іскрынкі ў вачах. Са старонкі сямейнага альбома на нас пазірае зухаваты сяржант з ордэнам Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы. І памяць вяртае Ганну Васільеўну ў маладосць.
– Мы з Валодзем у Нежаўцы на адной вуліцы жылі, з аднаго калодзежа ваду бралі, – узгадвае яна. – Калі ён на вайну пайшоў, я яшчэ малая была, а як вярнуўся з Германіі, то ўжо нявеста якраз. А хлопцаў, ведама, пасля вайны амаль не было. І тут – Валодзя прыйшоў з арміі. Малады, прыгожы. Шмат дзяўчат па ім сохла, але ён мяне абраў. Нейкіх там заляцанняў асаблівых не было. Сказаў: пойдзеш за мяне? А не – іншую вазьму (смяецца). Я і пайшла…
Уладзімір Васільевіч і Ганна Васільеўна пражылі ў ладзе і згодзе амаль паўстагоддзя. Нарадзілі і выгадавалі двух сыноў і двух дачок. Ганна Васільеўна кажа, што ўспаміны пра вайну даваліся мужу няпроста:
– Штогод 9 мая ён сядзеў ля тэлевізара і плакаў. Узгадваў, як Одэр фарсіравалі. Казаў, столькі людзей гінула, што вада ў рацэ была чырвоная ад крыві. А яшчэ казаў, што аднойчы варожая куля патрапіла яму ў спражку салдацкага рэменя і не зачапіла. Мусіць, Бог Валодзю абараняў ад смерці. Ён жа, як вайна пачалася, адразу ў партызаны падаўся. Аднойчы трэба было ў разведку ісці, а ў яго – кашаль. Не ўзялі. А з той разведкі ніхто жывым не вярнуўся…
Ганна Васільеўна вельмі добра разумела пачуцці мужа, бо сама перажыла боль і жахі ваеннага ліхалецця. Памятае, як хаваліся ад ворага ў зямлянцы, і як над той зямлянкай, страшна лязгаючы гусеніцамі, праехаў танк. А яшчэ – як здзекаваліся над яе бацькамі немцы, шукаючы мамінага брата, славутага партызанскага камісара Пятра Знака.
Гэтак жа муж і жонка Вяргейчыкі былі паяднаныя не толькі вайной, але і працай. Ганна Васільеўна адпрацавала ў лесе 40 гадоў: спачатку – на падсочцы ў леспрамгасе, потым – рабочай у Грабёнскім лясніцтве. Праца была цяжкая: не толькі з матыкай на праполцы лясных культур. Пілаваць лес звычайнай двухручнай пілою нярэдка дапамагаў ёй яе Валодзя.
– А на сваёй бухгалтарскай працы ён быў незаменным чалавекам у лясніцтве, – кажа Ганна Васільеўна. – І на пенсіі шчэ рабіў, усё ніяк не адпускалі, пакуль я не пайшла і настойліва не папрасіла. А ўжо які сумленны быў: ніколі нічога не браў чужога, ды і тое, што яму належала, падчас браць саромеўся…
З вялікай цеплынёй дзеліцца ўспамінамі пра Уладзіміра Васільевіча дачка Жанна:
– Тата быў вельмі дасціпным і адукаваным для свайго часу чалавекам. Да вайны ён скончыў Грабёнскую сямігодку з пяцёркамі па ўсіх прадметах. Калі мы вучыліся, дапамагаў сачыненні пісаць. Пасля службы ў Германіі свабодна размаўляў на нямецкай мове. Таксама быў адмысловым музыкам-самавучкай: іграў на самых розных інструментах – гармоніку, баяне, акардэоне, цымбалах, мандаліне, скрыпцы. Тата вельмі любіў кветкі і сам іх вырошчваў. З дзяцінства памятаю, як наш вялікі двор літаральна патанаў у вяргінях. І не дай Бог было нам, малым, падвязаць іх якім-небудзь шнурам: толькі размочаным лыкам, якое мы бралі ў дзядулі.
Таксама запомнілася татава ашчаднае стаўленне да лесу. Неяк паехалі мы з ім і мужам па дровы. Муж, ездзячы на трактары па дзялянцы, памяў маленькія ялінкі. Глядзім, а тата іх беражліва падымае і выпроствае…
– А яшчэ дзядзька Валодзя любіў крыжаванкі разгадваць, – далучаецца да ўспамінаў пляменніца Уладзіміра Вяргейчыка Наталля Чапялевіч. – Неяк нёс два вядры свінням, а тады паставіў іх пасярод двара – і ў хату. Што такое? Аказваецца, слова ў крыжаванцы ўзгадаў! Увогуле, я лічу, што і такія вось моманты жыццёвыя, і, безумоўна, памяць пра вайну мы павінны не проста захоўваць, але і перадаваць дзецям, унукам. А ў нас, на жаль, жывыя зносіны замяніў інтэрнэт. Еду ў грамадскім транспарце і назіраю: тата – у тэлефоне мама – у тэлефоне, дзіця – таксама ў тэлефоне. Так не павінна быць…
…Што тут дадаць? І сапраўды, пакуль мы помнім, мы жывём.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара і з архіва сям’і Вяргейчыкаў