У Чэрвені прайшла штогадовая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага працоўнага спаборніцтва
У зале раённага Цэнтра культуры і адпачынку сабраліся перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі працоўных калектываў, шаноўныя ветэраны працы, ганаровыя госці.
Урачыстасць пачалася з лазернага шоу і выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Затым удзельнікаў свята прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў.
Кіраўнікі калектываў-пераможцаў раённага працоўнага спаборніцтва
Падводзячы вынікі працы народнагаспадарчага комплексу Чэрвеньшчыны за мінулы год, ён падкрэсліў, што ў развіцці рэгіёна адбыліся значныя змены.
Летась у раёне забяспечана выкананне чатырох з сямі ўстаноўленых прагнозных і дадатковых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адзначаецца станоўчая дынаміка росту аб’ёму знешняга гандлю. На 10,2 працэнта ўзрос экспарт тавараў. Колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы перавысіла прагнозны паказчык на 20 працэнтаў. На 133,5 працэнта забяспечаны рост аб’ёму будаўніча-мантажных работ, на 104,8 працэнта – рознічнага тавараабароту гандлю. Цалкам выканана заданне па росту заработнай платы.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася летась у параўнанні з 2016 годам у 3,9 раза. Найбольшы рост дасягнуты ўнітарнымі прадпрыемствамі “Нафтабітумны завод” і “Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод”, адкрытым акцыянерным таварыствам “Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка”, дзяржаўным прадпрыемствам “Чэрвеньская друкарня”. Станоўчая дынаміка развіцця назіраецца ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Чэрвеньскі лясгас” і адкрытым акцыянерным таварыстве “Рыбгас “Волма”. Паспяхова і стабільна працуе філіял дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва”, калектыў якога па выніках мінулага года заняў трэцяе месца ў абласным галіновым спаборніцтве.
У сельскай гаспадарцы летась тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі склаў 105,8 працэнта, што на 0,4 працэнта вышэй, чым у сярэднім па вобласці. Выкананне прагнознага паказчыка забяспечылі філіял “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс”, дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Натальеўск”, адкрытае акцыянернае таварыства “10 з’езд Саветаў”.
Асобна Віталь Казлоў адзначыў важную ролю прадпрымальніцтва ў развіцці эканомікі раёна, стварэнні новых працоўных месцаў і ўстойлівым сацыяльным развіцці. І не дзіва: летась удзельная вага падатковых плацяжоў у кансалідаваны бюджэт раёна ад дзейнасці прыватных прадпрыемстваў склала 91,7 працэнта.
Пазітыўныя змены адбыліся ў галінах аховы здароўя, адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту.
Выказваючы шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто ўнёс свой дастойны ўклад у агульную справу развіцця і працвітання Чэрвеньшчыны, Віталь Казлоў узгадаў, што 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы.– Упэўнены, што ў нас ёсць падмурак і патэнцыял для развіцця рэгіёну. Сёлета ўсе дасягненні і перамогі будуць прысвечаны сваёй зямлі, свайму раёну, сваёй малой радзіме, у імя яе росквіту і камфортнага пражывання кожнага жыхара, – сказаў ён.
Кіраўнікі калектываў-пераможцаў раённага агляду-конкурсу па ахове працы - першы злева Андрэй Галкоўскі, дырэктар нашага лясгаса.
Віталь Казлоў уручыў Дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія па выніках працы за мінулы год сталі пераможцамі раённага працоўнага спаборніцтва, а таксама лепшым па прафесіі.
Так лепшы работнік лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўчай прамысловасці - Аляксандр Корзун - ляснічы першага класа Грабянецкага доследна-вытворчага лясніцтва нашага лясгаса ўзнагароджаны граматай і грашовай прэміяй.
Акрамя таго, узнагароды атрымалі калектывы-пераможцы раённага агляду-конкурсу па ахове працы. Сярод арганізацый вытворчай сферы лепшым прызнаны Чэрвеньскі лясгас (дырэктар – Андрэй Галкоўскі), сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу – сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” (дырэктар – Арцём Анціфееў), сярод арганізацый невытворчай сферы – Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар – Людміла Шаркова).
Таксама Віталь Казлоў уручыў Ордэн Маці жыхарцы Чэрвеня Святлане Кавалёвай, якая выхоўвае шасцярых дзяцей. Гэтай высокай узнагародай яна ўганаравана напярэдадні 8-га Сакавіка ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Словы шчырай павагі за шматгадовае добрасумленнае шчыраванне ў народнагаспадарчым комплексе Чэрвеньшчыны прагучалі падчас свята на адрас ветэранаў працы Навума Рабкіна, Раісы Лабейка, Леаніда Шофмана, Івана Дзмітровіча, Ганны Дзержановіч, Юрыя Варанковіча, Валянціны Ніціеўскай, Ганны Іўліевай, Наталлі Жданок. У знак удзячнасці ім уручылі кветкі.
Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Чэрвеня і салістка Вера Капачова
Канцэртнымі нумарамі ўдзельнікаў урачыстасці павіншавалі творчы калектыў Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, творчая студыя раённага Цэнтра культуры і адпачынку “Гарэзлівыя пчолкі”, выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Чэрвеня, мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці, якую ўзначальвае ўраджэнка Чэрвеня Алена Троіцкая, салісты Надзея Мыцько, Вера Капачова, Андрэй Хурсевіч і Алена Бандарчык, а таксама вядомы беларускі спявак Саша Нэма.
(матэрыял падрыхтаваў карэспандэнт Ігар Адамовіч).