Разам з галоўным ляснічым лясгаса Віктарам Казаковым і намеснікам кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец мы наведаліся на лесасеку Грабёнскага лясніцтва ля вёскі Нежаўка.
– Пад нарыхтоўку бярозавіку адвялі ўчастак плошчай пяць гектараў, – распавёў ляснічы Іван Бухал. – Падбіралі яго такім чынам, каб людзям было зручна пад’ехаць па сок на сваёй машыне. Найбольшы попыт на бярозавік, які збіраем у 250 поліэтыленавых мяшкоў – у суботу і нядзелю, калі ў вёскі прыязджаюць сталічныя дачнікі. Толькі за мінулыя выхадныя рэалізавалі насельніцтву тону соку. А ўсяго – ужо 4 тоны.
– План нарыхтоўкі бярозавіку мы размеркавалі прыкладна пароўну паміж лясніцтвамі, – кажа Віктар Казакоў. – Галоўная задача – цалкам задаволіць патрэбы насельніцтва. Тое, што застаецца, накіроўваем на перапрацоўку. Для гэтага заключылі дамовы з Чэрвеньскім вытворча-харчовым заводам, смалявіцкім унітарным прадпрыемствам “Вланпак” і Мінскім заводам безалкагольных напіткаў. І тут важна не прамарудзіць, бо паўднёвыя рэгіёны вобласці пачынаюць рэалізоўваць сок раней і да сярэдзіны сезону нарыхтоўкі перапрацоўшчыкі звычайна ўжо не маюць у ім патрэбы.
Паводле слоў Віктара Казакова, каб не нашкодзіць дрэвам, для падсочкі абіраецца спелы лес, які праз некалькі гадоў пойдзе пад высечку. Акрамя таго, строга выконваецца тэхналогія прамысловай нарыхтоўкі соку: бярозы павінны мець дыяметр не менш за 20 сантыметраў, у іх робяцца надрэзы глыбінёй 4 сантыметры і шырынёй да 12 сантыметраў. Напрыканцы сезону месцы падсочкі замазваюць садовым варам ці глінай з дабаўленнем драўнянага вугалю, каб дрэва не захварэла.
– Для саманарыхтоўкі бярозавіку насельніцтвам правілы іншыя, – удакладняе Віктар Казакоў. – Спачатку неабходна атрымаць дазвол у лясніцтве. Пры падсочцы трэба свідраваць у дрэве адтуліну дыяметрам не больш за адзін сантыметр і не больш за тры сантыметры ўглыб. Такіх адтулін можна рабіць максімум чатыры, у залежнасці ад дыяметра бярозы. Але ахвотных самастойна нарыхтоўваць сок мала, бо клопатаў шмат. Прасцей яго набыць. Тым больш, што літр бярозавіку ў нас каштуе ўсяго 20 капеек з лесасекі і 30 – з лясніцтва. А вось незаконная нарыхтоўка соку караецца штрафам у памеры да 20 базавых велічынь.
Як паведаміла Жанна Чарнавец, на 10 красавіка лясгас ужо рэалізаваў насельніцтву і на перапрацоўку 75 тон бярозавіку.