Хто ў лесе гаспадар? Адзін працоўны дзень з ляснічым Грабёнскага лясніцтва
Густы туман не дае прабіцца ранішнім сонечным промням, хаваючы ад людскіх вачэй пазалочанае восенню лісце бяроз у лясах уздоўж асфальтавай стужкі, па якой мы з Іванам Бухалам накіроўваемся ў Грабёнку.
Трыццацігадовы ляснічы мясцовага лясніцтва забраў мяне ў Чэрвені па шляху са сваёй вёскі Сітнікі Пухавіцкага раёна, адкуль ён штодня, адмяраючы ў два бакі сотню кіламетраў, дабіраецца на працу і з працы.
– Раней, калі працаваў майстрам лесу ў Валмянскім лясніцтве, ад Клінка да Сітнікаў было амаль што рукой падаць, – кажа Іван. – А ў Грабёнку трапіў неспадзявана. Два гады таму выклікаў мяне дырэктар лясгаса і кажа: “Заўтра прымаеш лясніцтва”. Карацей, часу на роздум не было…
Збольшага ведаючы Івана, па шчырасці, чакаў пачуць, што праца ў лясной гаспадарцы – мара яго жыцця. Аднак насамрэч усё аказалася нашмат больш празаічным.
– Да заканчэння школы я так і не вызначыўся, што рабіць далей, – з усмешкай распавёў Іван. – А тут дзве дзяўчынкі-аднавяскоўкі паступілі на лесагаспадарчы факультэт у тэхналагічны ўніверсітэт, ужо год адвучыліся. Яны мне і прапанавалі: “Хадзем да нас”. Я і пайшоў, адразу паступіўшы на бюджэт. Адвучыўся, размеркавалі на адпрацоўку ў Мядзельскі раён. Але доўга там не пабыў, пайшоў на тэрміновую службу ў войска. Пасля дэмабілізацыі хацеў уладкавацца ў сваё лясніцтва, аднак месца не знайшлося. Затое знайшлося ў Валмянскім, дзя я прайшоў выдатную школу, бо там усе работнікі – са стажам дваццаць гадоў і больш. Дагэтуль удзячны ляснічаму Міхаілу Варэніку, памочніку ляснічага Сяргею Купрэйчыку, майстрам лесу Міхаілу Кандраценку і Яўгену Сушкевічу, бухгалтару Таццяне Сурага за навуку. Кожны з іх шчыра дзяліўся вопытам па сваіх накірунках, і гэты вопыт мне зараз вельмі дапамагае…
За размовамі мы незаўважна прыехалі ў Грабёнку. Працоўная раніца ляснічага, як звычайна, пачынаецца невялікай нарадай з работнікамі на свежым паветры. Планы на сёння акрэслілі з вечара, застаецца іх удакладніць і пры неабходнасці скарэкціраваць. Гэтым разам карэкціровак няма. Работнікі раз’язджаюцца па месцах працы: тры вальшчыкі і трактарыст – нарыхтоўваць драўніну на лесасецы, леснікі – выкошваць сумнік, які з кожным годам усё больш наступае на лес, а машыніст маніпулятара – развозіць вяскоўцам загадзя замоўленыя дровы.
– Ну а мы паедзем змагацца з браканьерамі, – інтрыгуе Іван Бухал. – Зараз толькі ў канторы фотапасткі забяром.
У рабочым кабінеце ляснічы паказвае на ноўтбуку апошнія запісы з фотапасткі, якія зарэгістравалі крадзеж лесу ў адным з кварталаў ля вёскі Дубовы Лог. На відэа патрапілі трактар “Т-16” (так званы “шасік”), самаробны трактар, мотаблок і грузавы мікрааўтобус, на якім добра бачныя нумары.
– Вось такое “кіно”, – кажа Іван Бухал. – Гэта ўсё – удзельнікі адной “аперацыі” па выкраданню лесу. Інфармацыю перадаў у лясгас, зараз імі будзе займацца міліцыя.
Па шляху ў лес ля Дубовага Логу ляснічы распавядае, што злодзеі панадзіліся туды, бо гэта – “дальні кардон”: адлегласць ад лясніцтва – каля трыццаці кіламетраў, не заўсёды і даедзеш, каб праверыць. Ёсць падазрэнне, што наведваюцца туды з бензапіламі і сякерамі жыхары суседняга Смалявіцкага раёна, бо свае не рызыкнулі б: у вёсках усе пра ўсіх ведаюць, таму вылічыць нячыстых на руку – не праблема.
На вільготнай яшчэ пасля зацяжных дажджоў палявой дарозе за Дубовым Логам, якая вядзе ў лес, заўважаем сляды тэхнікі.
– Свежыя, – каментуе Іван. – Падобна, што ехалі на мотаблоку, і толькі ў адзін бок. Калі пашчасціць, затрымаем зладзюжак на месцы.
На лясных дарогах сляды то губляюцца у траве, то становяцца бачнымі зноў. Праз нейкі час спыняемся, пакідаем машыну на ўзлеску і шыбуем углыб лесу пешшу. Да шпаркай хадзьбы мне не прызвычайвацца, але за ляснічым ледзьве паспяваю.
– Адкуль такая хуткасць? – цікаўлюся.
– З войска, – усміхаецца Іван. – Я ж пагранічнікам служыў. Нярэдка даводзілася па 25-30 кіламетраў пешкі за дзень праходзіць.Ляснічы гаспадарскім вокам акідвае наваколле ў пошуках самавольных высечак і прыслухоўваецца: ці не зазвініць дзе бензапіла, ці не застракоча рухавік. Але ў лесе цішыня.
І прыгажосць. Бо, мінуўшы балаціну, мы выйшлі да маладняку, дзе бярозы мяжуюць з елкамі і хвоямі.Адлегласць паміж радамі бяроз даволі шырокая, таму лес нагадвае паркавую алею, якая сягае за далягляд.
Месца не толькі прыгожае, а, па ўсіх прыкметах, яшчэ і грыбное. Але не пасля сёлетняй засухі: дзе-нідзе чырвоныя мухаморы павытыркаліся, а высакародных грыбоў няма і знаку.
– А я пасля таго, як пайшоў у лясную гаспадарку працаваць, ужо не магу спакойна грыбы збіраць, – дзеліцца Іван. – Бо гляджу не ўніз, а ўверх. Вось у гэтым маладняку, напрыклад, бачу, што бяроза “падціскае” елку і хвою. Трэба прарэджваць.
На зваротным шляху, не дайшоўшы метраў дзвесце да машыны, недалёка ад лясной дарогі ўсё ж знаходзім сляды самавольнай высечкі.
Ад вялізнай сухой елкі застаўся толькі пень. Не пашкадавалі браканьеры і маладую “жывую” бярозу. – Зрэз свежы, яшчэ нават не пачарнеў, – заўважае ляснічы. – Так што недарэмна мы прыехалі з фотапасткамі. Мяркую, пасля выхадных ужо можна іх правяраць, павінен быць “улоў”.
Устанавіць фотапастку – справа не такая ўжо і простая: трэба прыладзіць яе да дрэва так, каб і агляд быў добры, і чужое вока не прыкмеціла, і самому не забыцца, дзе павесіў. Але ў спрактыкаванага ляснічага ўсё атрымліваецца хутка і акуратна.
– Звычайна вешаем фотапасткі на ўзлесках ці на скрыжаванні лясных дарог, – кажа Іван. – Так больш шанцаў выявіць браканьераў.Пакуль вяртаемся ў Грабёнку, ляснічы распавядае пра выпадак, які надарыўся сёлета ў пачатку мая:
– Патэлефанавалі мне з Праходкі. Маўляў, па выхадных чутна, як у лесе непадалёк працуюць бензапілы. А фотапастка ў нас тады была з магчымасцю сачыць за падзеямі ў рэальным часе. Павесілі. Сяджу, гляджу: мікрааўтобус з лесу-у лес ездзіць. Ну я і паімчаў туды на службовай “Ніве”. Прыязджаю, стаіць мікрааўтобус і тры чалавекі побач з ім. А я адзін. Стаўлю машыну наперарэз, бяру сякеру і выходжу. Кажу: “Падыдзеце – пазасякаю”. Сутычкі, праўда, не было. Мужыкі спрабавалі дамовіцца, грошы прапаноўвалі. Я выклікаў спецыяліста з лясгаса, сваім леснікам патэлефанаваў. Пакуль мы пні абмяралі, каб вызначыць урон, браканьеры выгрузілі бярвенне з мікрааўтобуса і з’ехалі. Але мы перадалі зробленыя пасткай фотаздымкі абласной інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету.
Злодзеяў затрымалі ў Смалявіцкім раёне. Быў суд, яны атрымалі каля 8 тысяч рублёў штрафу за незаконную высечку амаль 200 кубаметраў лесу.Пасля апоўдня туман, нарэшце, рассейваецца. Сонейка пяшчотна сагравае зямлю, нібыта вяртаючы нас у лета. Па шляху ў лясніцтва заязджаем у Грабёнскую школу.
– Міністэрства лясной гаспадаркі аб’явіла ў кастрычніку рэспубліканскую добраахвотную акцыю “Адновім лясы разам!” па пасадцы лесу на бураломных лесасеках і агляд-конкурс “Зробім лес чысцейшым за 50 дзён!”, – тлумачыць Іван Бухал. – Зрабіць трэба нямала, таму, як звычайна, запрашаем на дапамогу вучняў.
На сустрэчы з дырэктарам школы Алесяй Гурновіч ляснічы абмяркоўвае дэталі ўдзелу школьнікаў у пасадцы і ўборцы лесу. Гэта не займае шмат часу, бо ў лясніцтва з навучальнай установай – трывалыя сяброўскія стасункі. – Дапамога лясніцтву – важны элемент экалагічнага выхавання, – кажа Алеся Гурновіч. – Садзячы і прыбіраючы лес, дзеці і падлеткі на практыцы вучацца любіць і берагчы прыроду. Таксама работнікі лясніцтва прыходзяць да нас на факультатыўныя заняткі.
– Спадзяюся, што хтосьці з нашых актыўных памочнікаў абярэ прафесію лесавода, бо кваліфікаваныя спецыялісты ў лясной гаспадарцы заўсёды патрэбныя, – дадае Іван Бухал. – Галоўнае, каб гэты выбар быў асэнсаваным, бо з уласных назіранняў ведаю: далёка не ўсе з тых, хто атрымлівае адпаведную адукацыю, застаюцца працаваць у лесе…
Вяртаемся ў лясніцтва. Паўгадзіны на абед – і зноў да працы. Едзем на бураломную лесасеку за вёскай Ялча, дзе плануецца праводзіць акцыю “Адновім лясы разам”.
– Участак трэба папярэдне падрыхтаваць, – кажа ляснічы, аглядаючы дзялянку. – Вось тут рэшткі высечкі складзены не зусім так, як трэба. Некаторыя лаўжы давядзецца перасоўваць, каб не перашкаджалі трактару з плугам рабіць барозны пад пасадку. Іван Бухал распавядае, што кварталу лесу, у якім мы знаходзімся, дужа не шчасціць. У мінулым годзе тут высеклі ельнік, які высыхаў, а сёлета ў лютым і маі нарабілі шкоды ўраганныя вятры.
Часткова на гэтай бураломнай лесасецы новы лес пасадзілі вясною. Глядзім, як прыжыліся саджанцы елкі.
– Вось гэта – пробная пляцоўка плошчай чатыры соткі, – паказвае ляснічы – Выкарыстоўвалі тут саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай. Нават на вока можна вызначыць, што прыжыліся яны добра. А ўвогуле мы выкарыстоўваем для гэтага адмысловую методыку. На пробнай пляцоўцы запісваем колькасць пасаджаных дрэў, потым паштучна лічым, колькі прыжылося, і складаем прапорцыю. Калі прыжылося ад 85 працэнтаў саджанцаў і больш – нічога рабіць не трэба. А калі прыжывальнасць складае ад 25 да 85 працэнтаў – праводзім дапаўненне лясных культур па ўсёй плошчы пасадкі. І зноў мы ў лясніцтве. Іван Бухал цікавіцца ў супрацоўнікаў, як ідзе адгрузка дроў насельніцтву. Высвятляецца, што на сёння засталося выканаць адзін заказ.
– Попыт на дровы вельмі высокі, нягледзячы на тое, што, напрыклад, Грабёнку газіфікавалі, а ў Чарнаградзі шмат хто перайшоў на ацяпленне электрычнасцю, – каментуе ляснічы. – Толькі за мінулы месяц мы забяспечылі дровамі 45 чалавек, не лічачы тых, хто забірае іх самастойна, або займаецца саманарыхтоўкай. Рэалізацыя дроў не прыносіць нам асаблівага прыбытку. Гэта, так бы мовіць, сацыяльная нагрузка.
Далейшыя і апошнія на сёння планы Івана Бухала – адвезці ў лясгас месячную справаздачу. Яна ўяўляе сабою падшытыя пуцявыя лісты па кожнай адзінцы тэхнікі, нарады на выкананыя работы, а таксама разлік заработнай платы. Над падрыхтоўкай дакументаў працавалі майстры лесу, памочнік ляснічага, бухгалтар і сам ляснічы, які напярэдадні дапазна заседзеўся на працы за паперамі.Па шляху ў Чэрвень гутарым з Іванам аб тым, пра што не паспелі на працягу дня. Ляснічы распавядае пра двухмесячную камандзіроўку на пацярпелую ад урагану Магілёўшчыну, з якой вярнуўся ў пачатку верасня:
– Я быў адказным за распрацоўку бураломаў у Чэрыкаўскім лясгасе. Выканалі скразныя санітарныя высечкі на плошчы 13,5 гектара ва ўстаноўленыя тэрміны. Нарыхтавалі і рэалізавалі 4,5 тысячы кубічных метраў драўніны. Для мяне гэта быў вельмі каштоўны вопыт па арганізацыі работ…
Таксама высветлілася, што Іван сёлета завочна скончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
– Дадатковыя веды ніколі не пашкодзяць, – кажа ён. – Цікава было даведацца пра сучасныя навуковыя распрацоўкі ў лясной гаспадарцы. Выкладчыкі вучылі нас, а мы дзяліліся з імі сваім практычным вопытам. Такія стасункі патрэбныя: можна ў любы час патэлефанаваць ва ўніверсітэт, спытаць парады, папрасіць дапамогі…
Адзін дзень з ляснічым праляцеў непрыкметна. Мо, таму, што герой майго аповеду, энергічны і няўрымслівы. Падумалася: пакуль у лесе ёсць такія гаспадары як Іван Бухал, лесу жыць.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара