Забронировать
комплекс

Галоўны ляснічы Віктар Казакоў:

    Я не помню, калі  зразумеў, што  жадаю звязаць сваё жыццё з лесам. Мусіць, усё пачалося з дзяцінства. Жыў я ў вёсцы Клінок. Усе ведаюць, што гэта ягадныя і грыбныя мясціны. З маленства прападаў у лесе, спачатку з бацькамі, калі пасталеў- з сябрамі. У школьным узросце любіў садзіць маладыя дрэўцы. І зараз каля бацькоўскага дому растуць дарослыя сосны і ядловец. А яшчэ мне пашанцавала  з настаўнікам фізічнай культуры. Мы часта хадзілі ў паходы, ды яшчэ ў розныя поры года. Я і зараз помню паход на лыжах у зімовы лес. Перад вачыма белае іскрыстае покрыва.  Якая прыгажосць, спакой, чароўная цішыня вакол... Пейзажы прыроды, дзіўныя і непаўторныя. Гэтая прыгажосць зачароўвае і напаўняе душу захапленнем. Ужо тады я зразумеў,  як шмат мы яшчэ не ведаем пра лес, колькі таямніц ён у сабе ўтойвае .Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, я цвёрда ведаў- буду лесаводам.Прычым, ніякага пераломнага моманту ў жыцці, які садзейнічаў бы  такому выбару, не было. Проста не ўяўляў што- небудзь іншае.   З 2002 года маё жыццё звязана з лесам, - у гэтым годзе я паступіў у  Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум. Пасля яго заканчэння працаваў майстрам лесу, інжынерам па ахове і абароне лесу і ў той жа час вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.  Ніколі не шкадаваў, што вось так склалася жыццё. Для мяне мая прафесія- гэта не толькі крыніца фінансаў, але і любімая справа, занятак для душы. Як казаў Канфуцый: «Выберы сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці». Я цалкам згодны з гэтым выказваннем.