Лесавод гадавальніка Галіна Казакова:
Калі я чую слова лес, у мяне ўзнікаюць самыя розныя адчуванні. Я люблю лес за тое, што ў ім можна адчуць сябе спакойна і свабодна, не думаць ні пра што. У лесе я люблю збіраць грыбы, з задавальненнем іду па ягады. Якую б работу я не выконвала, ніколі не забываю любавацца яго хараством. Лес прыгожы круглы год. Ён прыгожы зімою, калі цяжкія галіны апускаюцца пад цяжарам снегу, а прамыя ствалы соснаў здаюцца бронзавымі ў халодных промнях нізкага студзеньскага сонца.
Лес прыгожы і вясной, калі ўсё больш сонца пачынае сваю жыватворную працу. Тады ён увесь напаўняецца таямнічымі шолахамі, нябачнымі рухамі разамлелага жыцця.
Лес прыгожы летам, калі зеляніна свежая і пахкая, калі яркае сонца, прабіваючыся скрозь кроны дрэў, сагравае ўсё вакол, але не можа сапсаваць прыемнай прахалоды.
Восеньскі лес, на мой погляд, асаблівы ў гэты час года. Перад вачыма адкрываецца каляровая гама: жоўты, аранжавы, чырвоны, і рэшткі зялёнага. Дрэвы апранаюць залацістыя ўборы. Толькі елка важна выхваляецца сваім вечназялёным нарадам
Цудоўны лес у любы час года. Гэта я адчувала і любавалася яго прыгажосцю заўсёды.
Але тое, што гэта прыгажосць прыроды, яе багацце будзе залежыць ад мяне асабіста…Вось гэта ўжо іншы этап майго жыцця, які прыйшоў нечакана. Але ён не застаў мяне знянацку, любоў да лесу жыла ў маёй душы заўсёды. Я толькі займела магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сутнасцю прафесіі лесавода. Цяпер я разумею свайго сына, які з дзяцінства ведаў, што яго жыццё будзе звязана з лесам. Сумнення наконт выбару прафесіі ў яго не было- мудрасць жыла ў ім з дзяцінства.
З радасцю, і ў той жа час з нейкай трывогай, а што ж далей будзе, кідаю ў зямлю семяны сасны, хвалююся- узыдуць ці не, сачу за іх ростам, вяду барацьбу з хваробамі. Да-да, яны таксама хварэюць, толькі зараз аб гэтым даведалася. У маёй цяпліцы расце каля мільёна маленькіх сосен. Уяўляеце, каля мільёна?! Я размаўляю з імі, прашу аб хуткім росце. Потым аддаю на пасадку ў лес і думаю;”Колькі мала я зрабіла, колькі сіл трэба прыкласці іншым людзям, каб вырасла дарослае дрэва”.
Я задаволена тым, што маю дачыненне да зберажэння жывой прыроды, да яе ўдасканалення. Ад гэтага маё жыццё становіцца больш радасным і светлым.